Самая жывая падзея, па прызнанні сведкаў, адбылася вечарам 21 жніўня. Гэта было ток-шоў з удзелам замежнікаў, якія стала жывуць у Беларусі. Не тое, каб гледачам хацелі сказаць: “Глядзіце, вось – не толькі ад нас, але і да нас едуць!” – хутчэй, мэтай было разабрацца ў складаным феномене міграцыі на канкрэтных, яркіх прыкладах.
“Я З УСХОДУ…
Пісьменнік Ганад Чарказян, старшыня таварыства курдаў “Курдыстан” прыехаў у Беларусь так даўно, што эміграцыяй гэта не лічыць: “Усе мы тады жылі ў адной вялікай краіне Савецкі Саюз”, – нагадвае ён студэнтам. Так атрымалася, што ў 1969 годзе, едучы з Арменіі ў Расію, ён сустрэў у цягніку дзяўчыну з Беларусі. Праз чатыры гады ён ажаніўся з ёй і стаў менчуком. “Я працаваў у Мінск будаўніком, а вучыўся ў Ерэване, я мог за дзень злятаць на вучобу і вярнуцца назад вечаровым рэйсам – тады гэта было нармальна”, – згадвае ён. Курдскі паэт быў вельмі цёпла прыняты беларускімі літаратарамі і, фактычна, адбыўся як творца менавіта на нашай зямлі. “Мой сябар і аўтар прадмовы да маёй першай кніжкі Пятрусь Броўка казаў мне: “Ты ўнікальны чалавек. Ганад: курд, які жыве ў Беларусі, размаўляе па-армянску і піша па-руску”. Па прызнанні спадара Ганада, ён і дагэтуль робіць дзённікавыя запісы на армянскай мове. Першыя вершы ён друкаваў у Арменіі ў курдскай газеце, а ўжо ў Беларусі, дзякуючы яго калегам па пяры (найактыўнейшы перакладчык – Рыгор Барадулін), Ганад Чарказян можа пахваліцца (і хваліцца) сваімі беларускамоўнымі кніжкамі. Усяго паэт мае 17 кніг, выдадзеных у нашай краіне.
Мастак Грыгор Данэлян нарадзіўся ў Тбілісі, вучыўся ў Ерэване. У Беларусь ён трапіў у 1992 годзе як бежанец, з-за канфлікту ў Нагроным Карабаху. Спачатку выправіў сям’ю, а потым уцёк на вайсковым самалёце і сам, узяўшы з сабой толькі Біблію і карціны. З таго часу ён, яго жонка і пяцёра дзяцей жывуць тут. У мінулым годзе спадар Грыгор атрымаў беларускае грамадзянства. “Калі я і мая сям’я апынуліся ў Менску, – значыць, Яму так было заўгодна”… За час жыцця ў Беларусі, мастак меў 15 персанальных выставаў – ён кажа пра гэта з гонарам. Ужо ў Беларусі спадар Грыгор стаў сур’ёзна практыкаваць раджы-ёгу, ездзячы адсюль у Індыю на сустрэчы з гуру. “Ды вы пагллядзіце на яго, выкапаны індус!” – паказвае на яго Ганад Чарказян.
Спадар Ганад і спадар Грыгор ніяк не парушылі мае стэрэатыпы ўсходняга мужчыны. Яны расказвалі даўгія прытчы, ахвотна разважалі пра лёс і радзіму (“Што ні адказ – тост!” – заўважыў нехта). А пасля пытання пра непаразуменне традыцый параіліся – і заявілі: “Чаго мы не разумеем, дык гэта як некаторыя мужчыны могуць не паважаць сваіх жонак і бацькоў! Сям’я – найвышэйшая каштоўнасць для чалавека”.
Асмік Фаміна – таксама ўцякачка з Арменіі, яна трапіла ў Беларусь у маленстве разам з бацькамі. Падчас карабахскага канфлікту сям’я была змушаная ратавацца ад голаду, холаду і вайны ў месцы, дзе ім нічога не пагражала. “Я не шкадую, што так атрымалася”, – кажа дзяўчына. Цяпер яна актыўна ўдзельнічае ў жыцці армянскай дыяспары, танчыць у народным ансамблі. Як і іншыя ўдзельнікі, Асмік звязала свой лёс з беларусам, што натуральна ва ўмовах эміграцыі, але, па яе словах, не вельмі вітаецца ў армянаў старэйшага пакалення. Але яе бацькі прынялі ёйны выбар: “Мой муж – беларус, але мне пашанцавала, што ён паходзіць з гэткай жа традыцыйнай сям’і, як і мая. Для іх таксама, калі шлюб – то гэта назаўсёды. Ува ўсіх важных пытаннях ён. як і я, раіцца з бацькамі. І яшчэ беларуская мова вельмі важная для сям’і майго мужа. Нашыя дзеці будуць размаўляць і па-руску, і па-армянску, і па-беларуску”.
“…ТЫ З ЗАХОДУ…”
Іншая справа – немцы, якія эмігравалі ў Беларусь. Тут гаворка пра крыху іншае перакрыжаванне культураў. Напрыклад,Ю Торстэн Клінер (вядомы як dj X–ray), які з 1995 году жыве з Менску. У маладосці ён вандраваў па Расіі і Беларусі, пасля чаго ажаніўся з беларускай: “Вяселле было ў Нямеччыне. Магчыма, гэта было памылкаю – немцы гуляюць усяго адзін дзень”. Маладая сям’я магла выбіраць, дзе жыць, і, насуперак завядзёнцы асядаць ў такіх выпадках на захадзе, Торстэн перабраўся на радзіму жонкі. “Я не магу назваць Беларусь другой радзімай, яна – першая. Я закаханы ў гэтую краіну”, – кажа ён. З 2003 году Торстэн мае тут від на жыхарства. Ён прафэсійны ды-джэй, ладзіць у клубах вечарынкі ў стылі транс: “У нямецкім шоў-бізнэсе ўсё даўно ўсталявалася, тут – нейтральная тэрыторыя. Я адчуваю сябе піянерам свайго кірунку”. “Існуе перакананне, што тыя, хто з’ехаў у Беларусь –аўтсайдэры”, – правакуюць з залі, – “Ці адчуваеце вы сябе аўтсайдэрам?” Торстэн адчувае, але пад аўтсайдэрствам ён разумее не лузэрства як такое, а out–side: “Я іду не ў той бок, куды ўсе, і таму я аўтсайдэр”.
Надзін Бекер – самая маладая “госця студыі” – таксама трапіла ў нашыя краі па поклічы сэрца. Яна працавала ў Менскім бюро “Tacis” і сустрэла тут свайго цяперашняга мужа. “Мае бацькі даўно прызвычаіліся, што я жыву не ў Нямеччыне, бо я вучылася ўва Францыі, – расказвае яна, – хіба што выбар краіны падаўся ім даволі экзатычным. Мая бабуля перакананая, што я жыву ў Расіі. Што да сяброў і знаёмых, то іх здзівіла не так тое, што я вырашыла застацца ў Беларусі, як тое, што я выйшла замуж у 23 гады. Гэта вельмі рана для немцаў”. На пытанне, чаго ёй не стае ў Беларусі ў палітычным ці эканамічным плане, Надзін адказвае найбольш арыгінальна: “Мой муж жартам называе мяне дзіцём спажывецкага грамадства. Дык вось, у Беларусі мне вельмі не стае фірмовага салону IKEA”.
“…НАШАЙ БЕЛАРУСІ”
Ясная справа, карціна атрымалася звышідылічная. Маўляў, эмігранты Беларусі, – спрэс людзі, без памяці закаханыя ў сваю новую радзіму, шчасьлівыя і спакойныя. Арганізатарам летняй школы яўна не хапіла ці то прагі скандалаў, ці то куражу падаць тэму ўсебакова, для кантрасту запрасіўшы на ток-шоў пару-тройку самых сапраўдных эмігрантаў-нелегалаў, якія маглі б шакаваць гледачоў сваімі прыгодамі і цяжкасцямі. Адзіным кантрастам – па зразумелых прычынах, ён мала цікавіў актыўную, схільную да падарожжаў аўдыторыю – быў шосты госць студыі – малады беларус-касмапаліт, які так доўга жыве ў Эўропе, што, па яго словах, ужо “не ведае, куды вяртаецца дадому”. Але ў выніку стары добры фармат “сустрэчы з цікавымі людзьмі” апраўдаў сябе – мы і сапраўды сустрэліся з цікавымі людзьмі, нашымі новымі суайчыннікамі. Пасля развітання з радзімаю натхненне стаецца першай ахвярай. Лёсы большасці удзельнікаў сведчаць: гэтым людзям камфортна не толькі жыць, але і ствараць у Беларусі. Напрыканцы вечара, па законах жанру, які не толькі ток-, але і -шоў, Асмік прадэманстравала выдатны прыклад інтэграцыі мігрантаў у грамадстве прымаючай краіны, станчыўшы разам з беларускімі сяброўкамі армянскі танец пад настальгічную музыку. Іншым прыкладам яднання нацый стаў Торстэн, які фактычна інтэграваўся ў працу летняй школы , беручы ўдзел ува ўсіх наступных семінарах і гульнях. Менавіта ён стаў для мяне аўтарам ёмістага дэвізу ўсяго мерапрыемства: “Как аукнешь, так и окликнут”, – гэтак гучыць вядомая руская прымаўка ў яго апрацоўцы.
Фота:
На першы погляд, гэтыя гарачыя джыгіты не абяцаюць нічога добрага беларускім “мужыкам, якія крыўдзяць жанчынаў”. Але насамрэч паэт Ганад Чарказян (справа) і мастак Грыгор Данэлян, як і іх родны ўсход – справа тонкая.
Бландынка – Надзін, Брунэтка – Асмік. Торстэн: “Што мне падабаецца ў Мінску – людзі круглыя суткі тусуюцца. Званок у дзьверы: “Мы да цябе!” – “Якая гадзіна? 11 вечара??? Ну, заходзьце!” У Нямеччыне такога няма”.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА МІГРАЦЫЮ І ІНТЭГРАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ
– Більярдны клуб у Гомелі і пякарню ў Горадні аб’ядноўвае тое, што поруч з мясцовымі жыхарамі там працуюць бежанцы. Прыбытак ад прадпрыемстваў ідзе на падтрымку эмігрантаў.У кнізе Упраўлення вярхоўнага Камісара ААН па бежанцах, якая неўзабаве выйдзе Жэневе, гэта фігуруе як адзін з самых удалых у свеце прыкладаў інтэграцыі мігрантаў у грамадстве прымаючай краіны.
– Вельмі цяжка ацаніць рэальны маштаб эміграцыі з Беларусі і колькасць тых, хто пераехаў сюды. Падчас пробнага перапісу насельніцтва, які будзе праведзены ў Маладзечанскім раёне Міншчыны ў 2008 годзе, будзе апрабіраванае пытанне, якое, магчыма, дапаможа прасвятліць сітуацыю. Калі апрабацыя пройдзе паспяхова, у 2009 годзе пытанне аб міграцыі будзе ўпершыню ўключанае ў анкету па Ўсеагульным перапісе насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
– Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі Рэспублікі Беларусь – структура, падначаленая МУС РБ. На думку выкладчыкаў і ўдзельнікаў летняй школы, гэты факт замаруджвае легалізацыю мігрантаў у нашай краіне, бо большасць з іх баяцца мець справу з сілавымі структурамі.
– Найбуйнейшы прыток імігрантаў з краін СНД Беларусь зазанала пасля 1995 году, калі рускай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай. Да нас скіравалася рускамоўнае насельніцтва, незадаволенае нацыянальнай палітыкай былых саюзных рэспублік.