Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” (ТБШ) з мэтай маральнай падтрымкі педагогаў, якія выкладаюць па-беларуску, праводзіць конкурсы “Беларускі Настаўнік 2007 года Мінска” і “Беларускі Настаўнік 2007 года Міншчыны”

  У іх могуць удзельнічаць педагогі базавых і сярэдніх школ, дашкольных і пазашкольных установаў, ліцэяў, гімназій і каледжаў Мінска і Мінскай вобласці са стажам працы не меней за тры гады.

Для ўдзелу ў адпаведных конкурсах найлепшыя настаўнікі могуць быць рэкамендаваныя грамадскімі арганізацыямі, бацькоўскімі камітэтамі, установамі адукацыі, групамі бацькоў, настаўнікаў і навучэнцаў. Для гэтага трэба запоўніць спецыяльную анкету-рэкамендацыю і даслаць да 30.11.2007 электроннай поштай на адрас nastaunik2007@gmail.com, або па адрасе: 220029 Мінск, а/с 64.

Журы ТБШ да канца 2007 года вызначыць трох лаўрэатаў конкурса і ўручыць спецыяльныя дыпломы і прызы.

Задачы конкурсаў:
• маральная падтрымка беларускамоўных педагогаў адукацыйных устаноў;
• прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем беларускамоўнага выкладання і выхавання ў базавых і сярэдніх школах, дашкольных і пазашкольных установах, ліцэях, гімназіях і коледжах;
• фарміраванне грамадскай думкі аб прэстыжнасці навучання па-беларуску;
• аб’яднанне беларускамоўных педагогаў, спрыянне іх супрацоўніцтву, абмену досведам працы, арганізацыі супольных праектаў і інш.

Крытэры вызначэння пераможцаў конкурсаў:
• выкладанне па-беларуску дысцыпліны ці правядзенне выхаваўчай працы на беларускай мове;
• прафесіяналізм і наватарства, творчасць і навуковасць;
• аўтарытэт сярод калег, бацькоўскай грамадскасці і навучэнцаў;
• актыўная грамадзянская пазіцыя.

Аргкамітэт

Алесь Лозка, кандыдат філалагічных навук,
Максім Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук,
Бярнарда Іванова, кандыдат біялагічных навук,
Тамара Мацкевіч, каардынатар праграмы “Настаўнік. Школа. Грамадства.”

Дадатковую інфармацыю аб праекце можна атрымаць па тэл. 029–6349303 (Мінск), 029–7721573 (Мінская вобл.)

Крыніца: http://nastaunik.info/nastaunik2007/