Школа маладых менэджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае трэці набор удзельнікаў

01/09/2010
Для каго: маладыя людзі ва ўзросце ад 21 да 33 гадоў, якія валодаюць ангельскай мовай
Дзе: Беларусь
Дэдлайн: 26/09/2010

Міжнародная адукацыйная праграма SYMPA скіраваная на фармаванне ў Беларусі супольнасці маладых людзей, кампетэнтных у галіне дзяржаўнага кіравання і публічнага адміністравання на розных узроўнях.

Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 21 да 33 гадоў, якія валодаюць ангельскай мовай і занятыя ў сферах дзяржаўнага кіравання, адукацыі, сацыяльнае працы, а таксама тыя, хто зацікаўлены бізнэсам, дзейнасьцю грамадскіх арганізацыяў і палітычным жыццём.

Арганізацыйна праграма складаецца з 4 вочных навучальных сэсіяў, якія ладзяцца ў Беларусі, Украіне, Літве і Швецыі, і міжсэсійнай працы ўдзельнікаў, якая ўключае ў сябе самастойны аналіз даследваных падчас сэсіяў матэрыялаў, удзел у круглых сталах з прадстаўнікамі беларускай экспертнай супольнасці, палітыкамі і дыпламатамі, а таксама самастойную арганізацыю сэмінараў па тэматыцы школы.

Удзельнікі атрымліваюць веды ў сфэры паліталогіі, эканомікі, рэгіянальнага развіцця, мясцовага самакіравання, інстытутаў ЕС, электроннага кіравання, працы са СМІ і грамадскім меркаваннем, міждзяржаўнага прыватнага партнэрства. З мэтай лепшага засваення тэарэтычных ведаў у праграму ўключанае вывучэнне практыкаў дзяржаўнага кіравання ў краінах правядзення навучальных сэсіяў. Удзельнікі будуць наведваць дзяржаўныя структуры (парламенты, гарадскія саветы і г.д.), адукацыйныя і сацыяльныя ўстановы, СМІ, грамадскія арганізацыі.

Заяўкі на ўдзел у праграме прымаюцца на адрас info@sympa-by.eu да 24:00, 26 верасня. Падрабязная iнфармацыя i форма заяўкі прыкладаецца. Заяўка запаўняецца на ангельскай мове.

Інфармацыйны пакет знаходзіцца тут (145 Кб).

Паводле: http://www.adukacyja.info/news/news_node/1/7/1335